МАГІЛЁЎСКІ АЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАЛА́Ц, дом Пасекавай. Існаваў у канцы 18—19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780 у стылі класіцызму як рэзідэнцыя Кацярыны II (у Магілёве адбылася яе сустрэча з аўстр. імператарам Іосіфам II). Драўляны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з паўпадвальным паверхам, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад быў багата аздоблены: вял. прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі і сандрыкамі, яго вылучалі 3 рызаліты: цэнтральны завяршаўся франтонам, бакавыя ўпрыгожаны пілястрамі дарычнага ордэра, прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. У 1808 палац заняпаў. У 1815 зроблены яго натурны чарцёж (захавалася тагачаснае хадайніцтва аб перадачы будынка Віленскаму ун-ту і стварэнні ў ім губ. гімназіі). Палац пазначаны на генплане горада 1842.
В.Ф.Марозаў.
Магілёўскі Аляксандраўскі палац. Чарцёж галоўнага фасада.